Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Слуцк
Найлепшы за штурвалам, або Справа камбайнера Анціпцава

З найлепшым старшым камбайнерам Мінскай вобласці па выніках жніва-­2019 мы, карэспандэнты, сустракаліся ўжо не раз. Але заўсёды ў полі, калі хлебаробам не да размоў. Адарвецца чалавек на колькі хвілін ад працы і зноў у кабіну. Таму напрасіліся ў госці зімою.

Аляксандр Анціпцаў працуе механізатарам у саўгасе «Рачкавічы» Беларускай чыгункі. Жыве тут жа, у вёсцы Новыя Рачкавічы. Жоўты дом Анціпцава заўважна вылучаецца на шэрым пейзажы.

Гаспадар выходзіць насустрач. Зімой працоўны дзень не зацягваецца да ночы, як летам.

— На трактары працы і зараз хапае: арганіку развезці, зерне даставіць. Але ўсё роўна не такая загружанасць, як вясной, улетку і восенню, — гаворыць Аляксандр.

Ён адкрывае брамку і адразу праводзіць невялікую экскурсію. Роўныя палосы агарода, за імі — вялікі фруктовы сад з яблынямі, грушамі і абрыкосамі, побач з домам — дзіцячая пляцоўка, зрабіў для ўнука Мацвея. Паказаў і гаспадарку — Анціпцавы трымаюць свіней і курачак. Потым запрашае ў хату: маўляў, жонка ўжо заварыла гарбату, чакае.

На сцяне ў калідоры вялікі партрэт Аляксандра, напісаны да «Дажынак». У гасцінай, на самым бачным месцы, узнагароды перадавіка. Адразу адчуваеш, што поспехамі мужа, бацькі і дзеда сям’я ганарыцца. Жонка беражліва выразае з газет ўсе артыкулы пра мужа і захоўвае ў асобных папках, іх ужо некалькі.

— Ён жа з першых гадоў у ліку найлепшых! Спачатку сярод маладых экіпажаў, цяпер вось як старшы камбайнер, — з гонарам кажа Вольга. — Працуе шмат, але энергіі яму хапае на ўсё, не толькі на працу. І на канцэрты ў гарадскі Дом культуры часта ездзім, і на святах ён у ліку першых танцораў. Сёлета адзначым сярэбранае вяселле. І спадзяюся, што ўдасца ажыццявіць даўнішнюю мару — з’ездзіць на мора. Толькі альбо да жніва, альбо пасля ўжо…

Вольга запрашае на гарбату і пірог — сама пякла: незвычайны, мандарынавы. І вельмі смачны.

— У нас і Саша выдатна гатуе! — расказвае гаспадыня. — Фірмовыя яго стравы — дранікі і шашлык, нават у мяне так смачна не атрымліваецца. Калі чакаем гасцей, ён заўсёды дапамагае на кухні: і салату можа зрабіць, і бутэрброды.

Прашу падзяліцца сакрэтам смачнага марынаду для мяса. Але Аляксандр лічыць, што марынад тут не галоўнае.

— Больш важны сам працэс прыгатавання шашлыку, — кажа ён. — Па­першае, трэба выбраць свежае мяса, не сухое і не надта тлустае. Па­другое, смажыць яго на вуглях (ні ў якім разе не на агні!). Часу працэс зойме больш, але шашлык атрымаецца мяккім, сакавітым і смачным.

У сям’і Анціпцавых усе працавітыя. Бабуля Аляксандра працавала ў калгасе паляводам, дзед — шафёрам.

— Тата мой таксама быў механізатарам у Рачкавічах. Пастаянна катаў нас з братам і сястрой на трактары. Дарэчы, ён і зараз не сядзіць без справы, у гарачую пару дапамагае мясцовай гаспадарцы, — расказвае пра сваякоў Аляксандр, гартаючы сямейны альбом. — І я з дзяцінства, як бацька, хацеў сесці на трактар…

Аднак, скончыўшы школу з сярэбраным медалём, паступіў у БДУ на гістарычны факультэт. Потым ажаніўся — яны з Вольгай з адной вёскі — і пераехаў жыць у Мінск. Случчына магла застацца без добрага механізатара, але на 4-м курсе Аляксандр зразумеў, што не зможа працаваць настаўнікам у школе.

— Мне падабалася вучыцца, цікава было ўдзельнічаць у раскопках курганоў падчас археалагічнай практыкі. Але педагогам я сябе не бачыў. Таму кінуў універсітэт і вярнуўся ў Рачкавічы: кіраўнік сельгаспрадпрыемства прапанаваў работу механізатара, паабяцаў нам з жонкай уласны дом з усімі выгодамі.

Аляксандр Анціпцаў стаў працаваць на трактары, потым дапамагаў бацьку на жніве, а ў хуткім часе сеў за штурвал камбайна. Праз пару-тройку год да яго ў памагатыя прыйшоў малодшы брат Уладзімір.

— Брат жыве ў Мінску, але штолета падчас уборачнай бярэ адпачынак і прыязджае дапамагаць. Напэўна, натура ў нас, Анціпцавых, такая: любім працаваць на зямлі! — усміхаецца суразмоўца.

І так ужо 23 гады працуе Аляксандр у роднай вёсцы. Аб сваім выбары не шкадуе: у сельскай гаспадарцы хто хоча, той заўсёды заробіць.

Старэйшая дачка Юлія таксама засталася ў Рачкавічах. Малодшая, Анастасія, вучыцца ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю. Прадоўжыць дынастыю механізатараў плануе ўнук Мацвей. Ён любіць хадзіць на працу да дзядулі. А на пытанне, кім стане, калі вырасце, пяцігадовы хлопчык упэўнена адказвае:

— Буду як дзед Саша! — і паказвае сваю любімую цацку — жоўты трактар.

І дзед упэўнены: будзе каму прадоўжыць справу Анціпцавых!

…Праводзячы мяне да аўтобуса, Аляксандр на хвіліну затрымаўся ля брамкі і паказаў на куст бэзу — на ім ужо з’явіліся пупышкі.

— Толькі б маразы не ўдарылі! — заклапочана вымавіў. — Снегу няма — бяда: пацерпяць азімыя….

Разумею, што ён ужо рыхтуецца да вясны. Да жніва…

Кацярына Елісеева

Фота аўтара

0 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте
Самое читаемое НОВОСТИ
Новости партнеров НОВОСТИ