Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Разное
Стары Новы год — гісторыя і звычаі

Апоўначы з 13 на 14 студзеня на Беларусі сустракаюць стары Новы год. З’ява гэта фенаменальная. Свята няма сярод афіцыйных дат, а між тым традыцыі адзначаць стары Новы год ужо больш за стагоддзе. Самыя цікавыя факты, звязаныя з яго гісторыяй, прыкметамі і звычаямі сабрала карэспандэнт МЛЫН.BY.

Па календары і па традыцыі

Само спалучэнне «стары Новы год» не мае, па сутнасці, ніякага сэнсу: калі год стары, дык чаму адначасова і новы? Але тут, як кажуць, умяшалася гісторыя, а ёй прэтэнзіі не прад’явіш. Усё пачалося ў 1918 годзе, пасля пераходу з юліянскага на прыняты ў Еўропе грыгарыянскі каляндар. Розніца між імі складае 13 дзён. Народ хутка сарыентаваўся і, каб нікога не пакрыўдзіць, вырашыў адзначаць Новы год двойчы, па старым і новым стылях: 1 студзеня — па календары, 14-га — па традыцыі. І вось ужо 102 гады мы маем «дубліраванае» навагодняе свята.

Гастранамічнае раздолле

З аднаго боку, каб падрыхтавацца да сустрэчы старога Новага года, асабліва мудрагеліць не трэба: добры настрой, віншаванні і падарункі сваякам і блізкім — і можна адлічваць хвіліны на курантах. З другога — святочны стол павінен быць не проста багатым, а трашчаць ад разнастайнасці страў.

Дарэчы, стары Новы год дае ўсім праваслаўным вернікам мажлівасць па-сапраўднаму «смачна» сустрэць пачатак года. Справа ў тым, што Калядны пост доўжыцца да 7 студзеня. Адпаведна, каляндарны Новы год многія праваслаўныя сустрэлі без аліўе, крабавай салаты і селядца пад шубай. У ноч на 14 студзеня гэты прабел можна ліквідаваць.

Нарачоны мой…

Стары Новы год — выдатная магчымасць наваражыць сабе шчаслівую будучыню. Праўда, варажылі ў асноўным дзяўчаты: ім жа вечна карціць даведацца, калі замуж возьмуць. Самай папулярнай была варажба «на валёнак»: яго кідалі і глядзелі, у які бок ляжа наском. Калі ад дома дзяўчыны — з таго боку і жаніх прыйдзе. Калі ж у бок дома — сёлета вяселля не будзе.

Яшчэ можна было выйсці ноччу на вуліцу і гуляць, пакуль не сустрэнецца нейкая жывёліна. З такім, маўляў, характарам і нарачоны будзе. Калі першай трапіцца авечка — пакорлівым, ціхім. А калі сабака — злым, крыклівым. Гарадскія дзяўчаты такім спосабам варажыць баяліся — шанцаў сустрэць авечку амаль няма, а вось на сабаку можна нарвацца.

«Праграма» на шчасце

Каб увесь год быў лёгкім, не скупым на багацце і здароўе, 13 і 14 студзеня трэба было выканаць так званую праграму-мінімум.

Так, у стары Новы год не варта лічыць дробязь, каб не наклікаць слёзы.

Ні ў якім разе нельга пазычаць грошы — інакш год бедны будзе.

13 і 14 студзеня не трэба выносіць з хаты смецце — з ім можна вынесці і шчасце.

Чытаем падказкі прыроды

Са старым Новым годам звязана мноства народных прыкмет. Паспрабуйце прасачыць за імі, а раптам спраўдзяцца?

Напрыклад, калі неба напярэдадні свята яснае, зоркі яркія і выпаў снег — вясна будзе ранняя. Але калі вечар занадта марозны — пацяплее не раней за май.

Калі ноч на 14 студзеня зорная, ураджай ягад будзе багаты. Калі ж марозная — грыбоў будзе няшмат.

Гуляюць усе?

Стары Новы год адзначаюць не толькі ў Беларусі, але і ва ўсіх былых саюзных рэспубліках і ў краінах Балтыі. Таксама святкуюць яго ў Сербіі, Чарнагорыі, Македоніі, Румыніі, шэрагу рэгіёнаў Швейцарыі. У гэтую ж ноч гуляюць у Алжыры, Марока і Тунісе — праўда, там адзначаюць Новы год па берберскім календары.

Адчуць розніцу

Цікава, што розніца паміж юліянскім і грыгарыянскім календарамі павялічваецца кожнае стагоддзе, калі колькасць соцень у годзе ад Раства Хрыстова не з’яўляецца кратнай чатыром на адзін дзень. Цяпер розніца паміж юліянскім і грыгарыянскім календарамі складае 13 дзён. А з 1 сакавіка 2100 года — 14 дзён. Так што з 2101 года Каляды і стары Новы год будуць адзначацца на дзень пазней.

Галіна Наркевіч

0 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте
Самое читаемое НОВОСТИ
Новости партнеров НОВОСТИ